Чарнобыльская катастрофа

ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986, адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч. к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б. СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс. км2) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м2; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс. км2 — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс. км2 — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн. чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс. км2 сельгасугоддзяў (22%) з гасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс. км2. У бел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч. к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч. к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі <!-- гл. Гомельская забастоўка 1990 -->. Экалагічнае ўздзеянне Ч. к. паставіла б. СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. У ліп. 1989 Вярх. Савет БССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч. к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». З улікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс, на Украіне 91,4 тыс, у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс. чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў у асн. завершана. З больш як 5 тыс. чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс. м2 жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.

Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч. к. З 1993 вядзецца Бел. дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.

На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч. к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходаяць больш за 1 млн. чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч. к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч. к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч. к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд. дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай. [В. З. Протчанка]

● Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996—2004. — т. 17, с. 236.

abbreviation • agriculture • air • architecture • art • belarus • biography • byelorussia (brest, gomel, grodno, minsk, mogilev, vitebsk) • city • company • cosmos • culture • economics • encyclopædia • faq • fashion • fauna • film • film company • flora • geography (africa, america, asia, australia, europe, the antarctic continent) • geology • grand duchy of lithuania • history (history of war) • industry • information • mass media (the press, radio, television, internet) • medicine • music • literature • military • myth • news • quest • religion • revolution • russia • site • sport • science • star • the great patriotic war • theatre • techniques • term • terra • the russian federation (moscow, saint petersburg) • ussr • word • world